ІНСТЫТУ́Т ГЕАЛАГІ́ЧНЫХ НАВУ́К Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1971 у Мінску на базе Лабараторыі геахім. праблем АН БССР (з 1963) і Плешчаніцкай геафіз. станцыі АН БССР (з 1960) як Інстытут геахіміі і геафізікі. З 1992 Ін-т геалогіі, геахіміі і геафізікі, з 1993 сучасная назва. У складзе ін-та (1997) 13 лабараторый, 2 геафіз. абсерваторыі, доследна-метадычная сейсмалагічная партыя, аддзел кніжна-часопісных выданняў і аператыўнай паліграфіі, эксперым. база па вывучэнні ледавіковых валуноў. Аспірантура (з 1971).
Асн. навук. кірунак — вывучэнне літасферы ў межах Беларусі і сумежных рэгіёнаў. Даследуе тэктоніку стараж. платформ, літалогію, петралогію, стратыграфію і геахімію платформавага чахла і крышт. фундамента, геалогію і палеанталогію антрапагену, геафізіку глыбінных зон, геахімію радыеактыўных і стабільных ізатопаў, праблемы геамарфалогіі, гідрагеалогіі, геаэкалогіі. Робіць прагнозную ацэнку тэрыторыі на карысныя выкапні. У ін-це працавалі акадэмікі АН Беларусі Г.В.Багамолаў, Г.І.Гарэцкі, К.І.Лукашоў, працуюць Р.Г.Гарэцкі, А.С.Махнач, А.В.Мацвееў.
А.А.Махнач.
т. 7, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)